Цікавы музейны прадмет. Булава

Ці любіце вы галаваломкі? А вось рыцары іх вельмі любілі, прычым чым цяжэй, тым лепш.

Што такое булава? Булава – гэта проста адвал башкі! Добра, мабыць хопіць пра гэта...

Ударна-дробячая зброя мабыць самая старажытная ў гісторыі чалавецтва: яшчэ малпа зразумела, што аргументаваць свае правы на ежу прасцей, калі ў цябе ёсць важкая палка. Затым на палку пачалі насаджваць прасвідраваны камень, а потым адліваць або выкоўваць наверша з металу.

У Еўропе распаўсюджванне булаў у класічным разуменні адносіцца да XII – XIII стст., калі яны пачынаюць выкарыстоўвацца і конніцай, і пяхотай. Паглядзеўшы на нашае наверша вы можаце спытаць: «Чаму яно такое маленькае? Каго ім можна забіць?». Так, большасць людзей уяўляюць булаву з навершам, памерам з дыню «Калгасніца», якая ламае чарапы, вароты, сцены замкаў і ўпэўненасць у заўтрашнім дні, аднак гэта не зусім так. Паколькі падручнік фізікі кажа нам, што сіла – гэта маса, памножаная на паскарэнне, то вялікія і цяжкія булавы патрэбныя былі толькі пяхоце.

Вершніку, які імчаўся на поўным скаку, ставала булавы ў 200-300 грам, каб «уразіць» суперніка ва ўсіх сэнсах гэтага слова. Пасля сустрэчы даверанай асобы нават з такім адносна лёгкім навершам другога ўдару звычайна ўжо не патрабавалася.

Акрамя непасрэдна баявога прымянення булава заўсёды з'яўлялася паказчыкам статусу і ўлады, што нядзіўна: чым больш, цяжэй і багацей у чалавека аргумент, тым з большай павагай да яго варта ставіцца.

622