Крыжовы шлях-4


Чалавек – гэта істота, якая заўсёды шукае гармоніі з прыродай, з тым светам, у які ён прыйшоў. Звычайна гармонія тоіцца ў простым: у закалыхваючым плёскаце азёрных хваляў, залаціста-чырвоным моры восеньскага лісця, дзіцячай шчырай усмешцы... Аднак, часта душа чалавечая трапляе ў палон штодзённых клопатаў і хваляванняў, губляе сувязь з гэтым простым і сапраўдным. У такім выпадку яна патрабуе дапамогі і падказкі, запалоненай душы чалавечай патрэбны “мосцік” вяртання да пачаткаў, да ўраўнаважанай дасканаласці. Такім “мосцікам” з'яўляецца мастацтва, палёт натхнёнай думкі творцаў.

Сёлета гэты “мосцік” праз выставу “Крыжовы шлях-4” для нас усіх наладжвае творчая суполка мастакоў: Руслан Берлін, Анастасія Балыш і Ксіша Ангелава. Работы Руслана і Анастасіі – карціны, выкананыя маслам і акрылавымі фарбамі. Працы Ксішы – абразы (іконы), у асноўным выкананыя з каменнай крошкі (на шыфернай і драўлянай аснове), але ёсць сярод іх і адзін абраз, створаны на фанеры акрылавымі фарбамі. Усе работы аб'яднаныя тэмай хрысціянства, імкненнем чалавека спасцігнуць Божую сутнасць у гэтым свеце. Прыемна, што ў шэрагу карцін ёсць непасрэдны зварот да Заслаўскай тэматыкі (ў творах Анастасіі Балыш і Руслана Берліна): бачым гарадзішча “Замачак”, постаць Рагнеды і Еўфрасінні Полацкай (па крыві Еўфрасіння паходзіць з роду Ізяславічаў), партрэт Яна Янавіча Глябовіча – фундатара выбітнага сваёй архітэктурай Заслаўскага храма, уласна гэты храм, мураваная брама Заслаўскага замка.

Асаблівую падзяку маем выказаць храму Святых Пятра і Паўла (п. Ратамка, Мінская епархія) за прадстаўленыя для выставы абразы аўтарства Ксішы Ангелавай. У справе распаўсюджвання хрысціянскіх каштоўнасцяў трэба імкнуцца да плённага супрацоўніцтва, трымацца разам.

Выстава “Крыжовы шлях-4” будзе дзейнічаць у музейна-выставачным комплексе музея-запаведніка (г. Заслаўе, вул. Рынкавая, 4) з 14 кастрычніка (ўрачыстае адкрыццё а 16.30) да 14 лістапада (закрыццё а 17.30). Завітвайце, калі ласка, каб судакрануцца з простым і сапраўдным!

 

* Шчыра просім нашых шаноўных гасцей выкарыстоўваць маскі для аховы органаў дыхання. Будзем разам, будзем здаровыя!

422